Фэст “Сіні перац” нагадвае пра сябе празь некалькі гадоў маўчаньня. Лідэр гурту “Князь Мышкін” Лявон Нарушэвіч ізноў вырашыў сабраць музыкаў усіх масьцяў, якіх яднае авантурызм, філянтропія й арыгінальны сьветапогляд. Варта нагадаць, што першы фэст з назовам “Сіні перац” адбыўся ў 1993 г. ў кінатэатры “Авангард”. Потым гэтае нефармальнае сьвята “альтэрнатывы” ладзілася на сталічных пляцоўках строга штогод. Сярод удзельнікаў адзначыліся Этна-трыё “Тройца”, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Памідораў, “Плато”, “Нагуаль”, Pete Paff, Яўген Канавалаў, Сяргей Пукст, Jizel’s Electra, авангардысты з Расеі й Украіны ды шматлікія іншыя. То бок, у межах фэсту можна было пабачыць каго заўгодна: панкаў, бардаў, фальклярыстаў, хіпі, рокэраў, паэтаў, блюзмэнаў, электроншчыкаў, актораў… “Сіні перац” доўгі час быў адзіным мерапрыемствам такога кшталту.
Вось, што казаў тады завадатар рэгулярнага сьвята Лявон Нарушэвіч: “Проста мне б хацелася,каб атмасфэра была добрая, і не зьбіраліся нейкія вар’яты, якія будуць кідаць адзін у аднаго кардонныя скрыні й называць усё гэта авангардам. Павінны быць цэльнасьць і ўзаемапавага. І на сцэне – абавязкова якасьць. Інакш навошта туды навогул вылазіць?”
Фэст “Сіні перац” зь цягам часу зарабіў сабе гучнае імя. Для некаторых маладых музыкаў сталася марай на ім выступіць. У прыватнасьці, у тым прызнаваўся Лявон Паўлёнак з “Нагуаля”. Зьбіраліся паўнюткія залі прагных да “некамэрцыйнае музыкі”, як тады казалі. Помніцца, журналістка Тацьцяна Заміроўская скончыла свой артыкул пра адзін зь “Сініх перцаў” ўзьнёслымі словамі: “Завяршылася ўсё каля поўначы. І неба, сіняе, як перац. Калі яшчэ так палётаем?”
А Ўладзімер Бярбераў зь “Ліцьвінаў” аднойчы парушыў міт аб тым, што перац сіняга колеру – гэта нібыта вобраз з “хворае” сьвядомасьці. Уладзімер аднойчы напаткаў рэальны, дастаткова сіні перац на рынку ў Менску й урачыста прэзэнтаваў яго Нарушэвічу. Праўда, цяпер Бярбераў кажа, што такія перцы ў продажы зьніклі. Пэўна, адначасова з 10-тым па ліку фэстам. Апошні “Сіні перац”, дарэчы, адбыўся у малой залі Купалаўскага тэатру й вылучаўся пацыфісцкім патасам – набліжалася вайна ў Іраку.